КА́ЛЬЦЫЮ ГІДРАКСІ́Д,

моцная аснова, Ca(OH)2. Бясколерныя крышталі, шчыльн. 2340 кг/м³, пры награванні раскладаюцца на кальцыю аксід CaO і ваду. У прыродзе мінерал партландыт. Тэхн. прадукт — белы высокадысперсны парашок наз. гашаная вапна ці пушонка. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Водны раствор наз. вапнавая вада, суспензія — вапнавае малако. Паглынае вуглякіслы газ з паветра, узаемадзейнічае з к-тамі з утварэннем солей. Атрымліваюць гашэннем вапны — узаемадзеяннем CaO з малой колькасцю вады ці яе пары. Выкарыстоўваюць у буд-ве, вытв-сці шкла, цукру, для змякчэння вады, раскіслення глебы, атрымання солей кальцыю і інш.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)